Скарынавы выданні как пишется

гстарычнае мнулае нашай бацькашчыны адзначана многм значным постацям. аднак, бадай, н адна з х так, як францыск скарына, не

   Гістарычнае мінулае нашай Бацькаўшчыны адзначана многімі значнымі постацямі. Аднак, бадай, ні адна з іх так, як Францыск Скарына, не заслугоўвае шматразовага эпітэта «першы». Менавіта ён, Скарына, першы прынёс Усходняй Еўропе ўзор кніжнага майстэрства. Выдаючы Біблію, Скарына першы спалучыў дзве мэты гэтай працы — «Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Ён не толькі «друк распачаў за паўвека да Фёдарава». Ён — наш першы паэт. Ён — першы наш вучоны-літаратуразнавец. Ён — першы наш лексікограф, выдатны тлумачальнік лексічнага значэння слоў…  

   Спадчына Скарыны — наш беларускі гонар, наш нацыянальны скарб і візітоўка нашай краіны.  

   Тытан эпохі Адраджэння, асветнік-гуманіст, вучоны, пісьменнік і перакладчык, заснавальнік кнігадрукарства ва Усходняй Еўропе, мастак… Ён не толькі наш першы доктар навук — ён першы беларускі універсітэт. У яго творчай спадчыне — пачаткі ўсіх нашых пачаткаў, бо ён і філосаф, і філолаг, і гісторык, і эстэтык, і педагог, і батанік, і медык. 

   У тым, што мы ёсць сёння як нацыя і грамадзяне, найпершая заслуга Францыска Скарыны. Без яго ўсведамленне нас як нацыі і народа ў свеце было б праблематычным.  

   Слаўны «сын з Полацка» (нарадзіўся каля 1490 г.) атрымаў выдатную па тым часе адукацыю ў Кракаўскім універсітэце, а затым у Падуанскім універсітэце ў Італіі, дзе ў 1512 г. бліскуча вытрымаў экзамен на годнасць доктара медыцыны. У славутай Зале Сарака Падуанскага універсітэта ёсць фрэска Джыакома Форна з надпісам «Францыск Скарына з Полацка». Але не медыцына і не вольныя мастацтвы сталі сэнсам яго жыцця. Ён «избрал оставити в науце и в книгах вечную славу и память свою».  

   Ён першы ўзняў родную мову на ўзровень мастацкай, навуковай. Адной з прычын сыноўняй адданасці Радзіме Ф. Скарына назваў вернасць сваёй мове: «Наболей с тое причины, иже мя милостивый Бог з того языка на свет пустил».  

   Мецэнатам Якубу Бабічу і Багдану Онкаву абавязаны мы тым, што наш слынны зямляк змог рэалізаваць свой дар: уславіць Бога і наш народ на векі вечныя. У 1517 г. ён едзе ў Прагу, каб стварыць першае ў гісторыі ўсходніх славян выдавецтва, дзе і выдае першую кнігу «Псалтыр». Скарына бачыў у гэтай кнізе «детем малым початок всякое доброе наукы, дорослым помножение в науце». У тым жа годзе выходзіць і другая кніга Бібліі «Ісус Сірахаў», у якой Скарына, добра ўсведамляючы значэнне зробленага ім, змясціў і свой уласны партрэт. Надзвычайная смеласць! Яго маглі абвінаваціць, што ён прыраўняў сябе да Бога, і спаліць на вогнішчы. Да 1520 г. ён надрукаваў у Празе 22 кнігі Бібліі. Выданні Скарыны і па сёння здзіўляюць і захапляюць ўзроўнем кнігадрукавання. Афармленне старонак, тлумачэнне ў тэксце і на палях незразумелых «людем посполитым» слоў (скарынінскія глосы), аздабленне тэксту малюнкамі, ілюстрацыямі — усё характарызуе Скарыну як выдатнага і таленавітага кнігавыдаўца, традыцыі якога выкарыстоўваюцца і ў сучасным кнігадрукаванні.  

   Згодна з ацэнкамі спецыялістаў, Скарынавы кнігі ўяўляюць выключную з’яву як паводле колькасці змешчаных у іх гравюр, так і паводле тэхнікі выканання. Высакаякасныя ілюстрацыі, якія ўпершыню даў Скарына, служылі не толькі для эстэтычнага аздаблення, але і для раскрыцця мастацкіх вобразаў. Усяго ілюстрацый — 51. Скарына выкарыстоўваў гравіраваны тытульны ліст, прабелы паміж словамі, абзацы. Друкуючы кнігі на роднай мове, клапаціўся, каб усё было зразумела кожнаму чытачу, рабіў пераклады і тлумачэнні: горлица — сівоворонка, хлябини — продукт; холми — узгорки; арътемиде — богыни; крижали — дъски; тмами темъ — десети тысещми і г. д.  

   Скарынавы глосы і тлумачэнні слоў у тэксце непасрэдна — першыя лексікаграфічныя спробы, таму Ф. Скарына — наш першы лексікограф. Каб «люду паспалітаму» было зразумела значэнне слова псалтыр, ён параўноўвае гэты музычны інструмент з усім вядомымі гуслямі: «Псалтыр іграе подобна да гусляў, як пяе сам цар і прарок: «Хваліце Госпада псалтыром і гуслямі…» і раздзел Бібліі назву мае ад псалтыра, што да гусляў падобны. Толькі гуслі маюць шмат струнаў, а псалтыр усяго дзесяць, як пра тое ў Бібліі сказана: «Хваліце Госпада псалтыром дзесяціструнным!»  

   У прадмове да «Эклезіяста» слова еклесіяст Скарына перакладае як Саборнік, тлумачыць гэтую назву так: «Порицается же сия книга Соборник, понеже не ко единому человеку в ней пишешь, но ко всему собору людей, а не единого человека мысль н коханне являешь, но всего собора».  

   Найбольшую мастацкую каштоўнасць уяўляюць Скарынавы прадмовы і пасляслоўі да кожнай кнігі Бібліі і да самога выдання, якія складаюць аснову яго літаратурна-публіцыстычнай спадчыны. 

   Кампазіцыя прадмоў і пасляслоўяў Скарыны складаецца з пераказу зместу, сюжэта эпічных кніг Бібліі, як, напрыклад, «Эсфір», «Юдзіф», «Выхад», ці вызначэння жанравых асаблівасцяў лірычных кніг, як «Псалтыр»; тлумачэння слоў і выразаў праз параўнанні, асацыяцыі (псалтыр параўноўваецца з гуслямі); з вываду, вызначэння ідэі кнігі — «даконаны суть», якая па-філасофску, вобразна, афарыстычна выяўляецца Скарынам.  

   Такі пераказ кніг Бібліі з элементамі разважання спрыяў і папулярызацыі сюжэтаў і ідэй Кнігі кніг, і выяўленню Скарынавых поглядаў, філасофіі пісьменніка-патрыёта.  

   Так, пераказваючы кнігу «Юдзіф», Скарына акцэнтуе ўвагу чытача на гераічным учынку Юдзіфі ў імя свайго народа. У час асады род-нага горада яна пранікла ў стан ворага, закахала ў сябе военачальніка Алаферна і, скарыстаўшы момант, адсекла яму галаву. У канцы пераказу Скарына падымаецца да філасофскага абагульнення, афарыстычна выяўленага ў несмяротных радках:  

Понеже от прирожения
звери, ходящие в пустыни,
знаютъ ямы своя;
птицы, летающие по возъдуху,
ведають гнезда своя;
рыбы, плывающие по морю и в реках,
чуютъ виры своя;
пчелы и тым подобная
боронятъ ульев своих, —
тако ж и люди,
игде зродилися и ускормлены суть по бозе,
к тому месту великую ласку имаютъ.

    Прадмовы і пасляслоўі Ф. Скарыны — узор публіцыстыкі, але асобныя, і вельмі многія, урыўкі з яго публіцыстычнай спадчыны — дасканалыя вершы. і ў згаданым вышэй урыўку кожны радок — сэнсавая і інтанацыйна-сінтаксічная еднасць. Менавіта такая кампазіцыйная структура свабоднага верша.

   Паўтаральная інтанацыя, выражаная ў перыядзе, вызначае своеасаблівы рытм верша як адзін з галоўных яго атрыбутаў.

   Вельмі сцісла і вычарпальна пераказаў Ф. Скарына і сюжэт кнігі «Эсфір» пра подзвіг сваячкі і выхаванкі пабожнага іудзея Мардахея — Эсфір. Персідскі цар ажаніўся з Эсфір, што выклікала зайздрасць прыдворных, асабліва ў Амана, гордага царскага любімца. Раззлаваны годнасцю Мардахея, Аман вырашыў знішчыць і яго, і ўсіх іудзеяў у Персідскім царстве. і ён дабіўся згоды ад цара на такі карны ўказ. Мардахей запатрабаваў, каб Эсфір заступілася за свой народ. Рызыкуючы сваім жыццём, Эсфір з’явілася без запрашэння да цара і пераканала наведаць падрыхтаваны ёю пір, у час якога «выпросила от царя места противные на погубление всея родины и помощников Амановых и на избавление иудеов».

   Філасофскі вывад, «даконаны суть», сам Ф. Скарына аформіў вершаваным чатырохрадкоўем, падкрэсліўшы такі аспект сваёй дзейнасці, як паэтычны:

Не копай под другом своим ямы,
Сам ввалишся в ню.
Не став, Амане,
Мардохею шыбенице,
Сам повиснет на ней.

   Гэты верш да ўсяго сведчыць пра цесную сувязь літаратурнай Скарынавай спадчыны з фальклорам.

   Адзін з даследчыкаў творчасці Кірылы Тураўскага Юрый Лабынцаў лічыць Ф. Скарыну яго непасрэдным спадкаемцам:

Да подай нам на землю мир,
грехом очищение, немощным здравие,
смутным потешение, ненадежным надежду,
воюющим за веру Христову победу,
пленникам избавление, нагим одеяние,
сиротам хлебокормление,
по морю плавающим тишину,
во путь шествующим пристанище,
обидимым споможение,
и всем христианам спасение,
а по смерты царство небесное,
яко один человеколюбец и Бог наш.

   У гэтым Скарынавым тэксце пераемнасць не толькі паводле жанру (малітва), але і паводле вобразных сродкаў, асацыятыўнасці, рытмізаванасці мовы. Галоўнае — у сцвярджэнні ім вечных ісцін і каштоўнасцей.

   Пераканальным доказам і сведчаннем паэтычнай спадчыны Ф. Скарыны з’яўляюцца аформленыя ім вершам дзесяць запаведзяў у прадмове да кнігі «Выхад». Ф. Скарына піша, што кніга апавядае пра выхад іудзеяў з егіпецкага рабства, пра іх 40-гадовы пакутніцкі шлях да зямлі абяцанай, пра дапамогу Госпада на гэтым пакутніцкім шляху: «яко манну Бог послал с небеси на пищу и воду вывел от тверда каменя и к питию людем во пустыни», як караў егіпцян дзесяццю напасцямі, «иже наведе рукою Моисеевою на всю землю египетскую», як «десятеро приказание им дал, написано на досках каменных».

Первое: Веруй в бога единаго!
Второе: А не бери надармо имени его!
Третее: Помни дни светые святити!
Четвертое: Отца и матку чтити!
Пятое: Не забивай ни едина!
Шестое: И не делай греху блудна!
Седмое: Не вкради что дружнего!
Осмое: А не давай сведецства лживаго!
Девятое: Не пожедай жены ближнего!
Десятое: Ни имения или речи его!

   У гэтым творы відавочны акрамя рытму і такі атрыбут вершаванай мовы, як рыфма, прычым сумежная.

   Пераказваючы сюжэты біблейскіх кніг, Скарына ў прадмовах акцэнтуе ўвагу чытача на самых важных і афарыстычных момантах Бібліі — на законах вечнасці, сабраных у ёй і дакляраваных людзям: «Закон прироженый в том наболей соблюдаем бываеть: то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех, и тог о не чинити иным, чего сам не хощеши от иных имети… Сей закон прироженый написан ест в серци единого кажного человека»; «…Наболей любовь ко всем да соблюдает, ежели ест совершенна над все иные дарования, без нея же ничто поспешно ест».Надзённа гучыць Скарынаў напамін нам усім, што валадарыць светам любоў, бо яна самая дасканалая з усіх даброт і каштоўнасцей, без яе марнае ўсё ў свеце.

   Ф. Скарына не толькі паэт, публіцыст, лексікограф, але і літаратуразнаўца. У сваіх прадмовах ён не толькі пераказаў многія кнігі Бібліі, але і зрабіў літаратуразнаўчы аналіз некаторых, звярнуўшы ўвагу на жанравую і мастацкую адметнасць лірычных твораў Бібліі, у прыватнасці на прытчавасць. Цяжка знайсці ў каго іншага больш трапнае азначэнне прытчы як жанру, вычарпальнай характарыстыкі яе галоўных прыкмет — іншасказальнасці і павучальнага сэнсу: «Притчи или присловия, понеже иными словы всегда иную мудрость и науку знаменують, а иначей ся разумеютъ, нежели молвлены бываютъ, а болши в собе сокрытых тайн замыкають, нежели ся словами пишутъ».А далей — вобразнае параўнанне загадкі-мудрасці прытчы з ядром у арэху, з золатам у зямлі, з сілай каштоўнага каменя. Ф. Скарына — паэт-філосаф, які не можа не здзіўляць арыгінальнасцю і трапнасцю сваіх доказаў.

  Мы можам ганарыцца і тым, што ў віленскі перыяд сваёй дзейнасці («Малая падарожная кніжыца», 1522 г. і «Апостал», 1525 г.) ён заснаваў першую друкарню на тэрыторыі Беларусі. Як сцвярджалі старажытныя рымляне, «напісанае застаецца». Напісанае Скарынам — дарагая рэліквія, духоўны скарб, нацыянальная святыня.

   У выданнях Скарыны шматразова паўтараецца выява сонца і месяца з чалавечымі тварамі. Выбар сімвала яўна невыпадковы. Даследчыкі пісалі, што знак гэты быў створаны і абраны Скарынам «у якасці свайго асабовага герба, а мо нават і талісмана». Магчыма, у ім адлюстраванне факта нараджэння Скарыны ў год сонечнага зацьмення ў Беларусі (1486).

   Сёння выказваецца меркаванне, што ў выяве сонца з прамянямі і месяца — сімвал перамогі святла над цемрай, жыцця над смерцю. Знак Скарыны трактуецца як хвала і слава кнізе — крыніцы святла, мудрасці, дабрачыннасці, ведаў, кнізе, якую наказваў нам Скарына любіць і шанаваць, бо яна — «лекі для душы».

   У беларускай літаратуры створана найбагацейшая Скарыніяна, a скарынаўскія рэмінісцэнцыі ёсць у творчасці кожнага паэта, пісьменніка, мастака. Адным з самых таленавітых даследаванняў у галіне літаратуры, вартых тытана Адраджэння і гордасці нашай нацыі, з’яўляецца раман-эсэ А. Лойкі «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае».

   У вершы «Скарына пакідае Радзіму» Уладзімір Караткевіч сцвярджае думку аб недаравальнай віне зямных багоў перад такім тытанам, які вымушаны быў цярпець нягоды, нястачы, шукаць прытулку на чужыне; ствараючы ўзвышанае, а жыць клопатамі пра зямное:

Выгнанне. Выгнанне. Выгнанне.
Па волі зямных багоў
Спалілі браты-хрысціяне
Кнігі пра бога свайго.

   Вяртанне Скарыны на Радзіму і ў нашы душы залежыць ад кожнага з нас…

Похожие статьи:

Пераказы → Спадчына Скарыны

Пераказы → Мастацкая Скарыніяна

Іншае → Францыск Скарына — З прадмовы да «Кнігі Юдзіф»

Пераказы → Эпоха Францыска Скарыны

Пераказы → Францыск Скарына

Біяграфiя

«Ніякай працы і скарбаў ніякіх не шкадуйце для паспалітай карысці для Айчыны сваёй»
…………………………………………………………………………………………………………………………………………………Скарына

Кожны народ мае права ганарыцца сваёй культурнай спадчынай і таленавітымі людзьмі. Пачынальнікам беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання з’яўляецца Францыск Скарына. Гэты асветнік-гуманіст, доктар медыцыны, арыгінальны мысліцель, пісьменнік-публіцыст, выдавец, перакладчык-паліглот — найбольш велічная постаць эпохі Адраджэння на Беларусі. Яго і сёння можна лічыць зоркай першай велічыні на небасхіле нашай нацыянальнай культуры. Чалавек выключна шырокай эрудыцыі, сэнс сваёй дзейнасці Францыск Скарына бачыў у служэнні народу. Ён імкнуўся далучыць сваіх суайчыннікаў да здабыткаў агульначалавечай культуры і рабіў гэта праз кнігі.

22Дакладных звестак пра час яго нараджэння і смерці не выяўлена. Вядома, што нарадзіўся асветнік у Полацку каля 1490 года ў сям’і купца Лукі. Полацк у той час быў адным з самых буйнейшых і багацейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. Ён меў гандлёвыя, эканамічныя і культурныя стасункі з Ноўгарадам і Псковам, Смаленскам і Масквой, Рыгай і іншымі знакамітымі цэнтрамі. Першапачатковую адукацыю Скарына атрымаў у доме бацькоў, там навучыўся чытаць і пісаць. Мову тагачаснай навукі — латынь — ён засвойваў хутчэй за ўсё ў школе пры каталіцкім касцёле ў Полацку ці Вільні. Ад бацькоў сын пераняў любоў да роднага Полацка. Сваё полацкае паходжанне з сталасцю і настойлівасцю падкрэсліваў у сваіх выданнях.

У 1504 годзе Скарына паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт на факультэт «вольных мастацтваў» і ў 1506 г. атрымаў навуковую ступень бакалаўра філасофіі. Магчыма, у гэтым жа ўніверсітэце праз некалькі гадоў ён дасягнуў ступені магістра, набыўшы веды ў галіне медыцынскіх навук. Сустракаюцца не поўнасцю пацверджаныя меркаванні і аб тым, што менавіта ў тыя гады Францыск з’яўляўся нават сакратаром караля Даніі…
У 1512 годзе Францыск Скарына бліскуча здаў экзамен на атрыманне вучонай ступені доктара медыцынскіх навук у адным з самых прэстыжных тагачасных універсітэтаў Еўропы — Падуанскім. Ён стаў першым выхадцам з усходніх славян, якія ў Італіі атрымалі вышэйшую ў медыцыне навуковую ступень. Званнем доктара наш зямляк моцна даражыў: пазней у кожным сваім выданні ён зазначаў, што кнігу выпусціў «в лекарских науках доктор Франциск, Скоринин сын с Полоцка».

1517 11517 21518 21519 2

У Празе, у 1517 годзе Францыск Скарына і разгарнуў сваю, па-сапраўднаму патрыятычную дзейнасць на карысць роднай Бацькаўшчыны, пры падтрымцы беларускіх купцоў з Полацка і Вільні Багдана Онкава, Юрыя Адверніка і іншых. Ён замовіў друкарскае абсталяванне, узяўся перакладаць і каментаваць кнігі Бібліі. Адукаваны і дзелавы беларус паклаў пачатак беларускаму і ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню. Менавіта ў Празе з’явілася першая кніга — «Псалтыр», у прадмове да якой паведамляецца: «Я, Францыск Скарына, сын слаўнага Полацка, у лекарскіх навуках доктар, загадаў есмі Псалтыр ціснуці рускімі словамі, а славенскім мовай». Яна выйшла ў свет 6 жніўня 1517 года.
За няпоўныя тры гады ў Пражскай друкарні Скарына надрукаваў 23 ілюстраваныя, упрыгожаныя мноствам ксілаграфічных гравюр, ініцыялаў і заставак кнігі Бібліі ў перакладзе на старабеларускую мову. Яны забяспечаны прадмовамі і каментарамі, якія адлюстроўваюць канфесійныя, філасофскія і асветніцкія погляды Скарыны. Пры выданні Бібліі ён кіраваў працай, карэктаваў набор, даставаў у Германіі дэфіцытную паперу з вадзянымі знакамі.

1518 115181519

Пасля доўгіх блуканняў друкар у пачатку 1520-х гадоў вырашыў уладкавацца ў Вільні, дзе прыкладна ў 1522 годзе, дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы Багдана Онкава і тамтэйшага бургамістра Якуба Бабіча, аднавіў сваю выдавецкую дзейнасць і выдаў «Малую падарожную кніжыцу». Яна была надрукавана для купцоў і ўсіх тых, каму тыднямі прыходзіцца бываць у дарозе, каб падарожнік мог палепшыць доўгія гадзіны ў абозе і вечары ў карчме. Скарына злажыў для гэтай кнігі некалькі акравершаў, пралічыў даты сонечных і месяцовых зацьменняў. Услед за ёй, у 1525, Скарына надрукаваў «Апостал» — адну з найбольш распаўсюджаных кніг. Кніга прызначалася для шырокага кола чытачоў. У шматлікіх прадмовах апісваецца змест раздзелаў, асобных пасланняў, растлумачваюцца «цёмныя» фразы. Усяму тэксту папярэднічае агульная прадмова Скарыны «Деания светых апостолъ книгъ предмова». У ёй усхваляецца хрысціянская вера, звяртаецца ўвага на маральна-этычныя нормы чалавечага жыцця. Апостал — адзіная ў друкарскай практыцы асветніка кніга без ілюстрацый, аднак у ёй — вялікая колькасць заставак, канцовак, гравіраваных буквіц. Даследчыкі выказвалі меркаванне, што асветнік быў адным са складальнікаў Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 г., падтрымліваў сувязі з рознымі палітычнымі, грамадскімі і культурнымі дзеячамі княства. Мяркуецца, што ў канцы 1520-х — пачатку 1530-х гг. першадрукар наведваў Маскву, куды вазіў свае выдадзеныя «рускім» шрыфтам кнігі.

15221522 11525

Даследчыкі лічаць, што ў 1525 г. Скарына выязджаў у германскі горад Вітэнберг, цэнтр Рэфармацыі, дзе сустракаўся з ідэолагам нямецкіх пратэстантаў Марцінам Лютэрам. Невядома таксама, чаму ў гэтым жа годзе спыніла сваю дзейнасць яго віленская друкарня. Недзе пасля 1525 г. асветнік ажаніўся з удавой віленскага купца, члена Віленскай рады Юрыя Адверніка Маргарытай, чым палепшыў сваё матэрыяльнае становішча і разам з жонкай прыняў удзел у гандлёвай справе брата Івана. Вельмі цяжкім быў для Скарыны 1529 г. Летам у Познані памёр яго брат Іван. У тым жа годзе раптоўна памерла Маргарыта. На руках Скарыны застаўся малалетні сын Сімяон. Пачаліся судовыя працэсы з-за маёмасці жонкі. Падзеі прымусілі Скарыну выехаць у 1530 г. у Кёнігсберг пад апеку герцага Альбрэхта, але недзе ў сярэдзіне 1530 г. вярнуўся ў Вільню для вырашэння судовых спраў, звязаных са спадчынай Маргарыты. Судовыя цяжбы пагоршылі яго матэрыяльнае становішча. У гэты час на Скарыну новай хваляй наваліліся крэдыторы брата. У лютым 1532 г. першадрукар быў арыштаваны па неабгрунтаванай і нічым не падмацаванай даўгавой прэтэнзіі «іўдзеяў-крэдытораў» Майсея і Лазара з Варшавы і Якаба з Познані. Але пакінуць Вільню Скарыну прымусілі не гэтыя падзеі. Свецкае кнігадрукаванне выклікала процідзеянне як каталіцкага, так і праваслаўнага духавенства. У сярэдзіне 1530-х гг. Скарына канчаткова пакінуў Вільню і пераехаў у Прагу. Ён прыняў запрашэнне чэшскага караля Фердынанда I на пасаду каралеўскага медыка і садоўніка.

Памёр першадрукар не пазней 29 студзеня 1552 г. Аб гэтым сведчыць грамата караля Фердынанда I, дадзеная сыну Францыска Скарыны Сімяону, якая дазваляла апошняму карыстацца ўсёй захаванай спадчынай бацькі: маёмасцю, кнігамі, пазыковымі абавязацельствамі.
Кнігі Францыска Скарыны сталі вядомы ў розных краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі яго друкарскай і выдавецкай дзейнасці. Шырокае распаўсюджанне атрымалі перш за ўсё сярод суайчыннікаў асветніка, аказалі дабратворны ўплыў на пашырэнне міжнародных культурных сувязей, былі адным з важных фактараў духоўнага ўзаемаабмену з Польшчай, Заходняй Еўропай, абумовілі рост інтарэсаў навуковай еўрапейскай грамадскасці да культурнай спадчыны беларускага і іншых усходнеславянскіх народаў.
Дзейнасць Францыска Скарыны аказала велізарны ўплыў на развіццё кнігадрукавання і пісьменства ў Беларусі. У яго гонар названы вышэйшыя ўзнагароды краіны, як то медаль і ордэн. Яго імя носяць Гомельскі ўніверсітэт, цэнтральная бібліятэка, педагагічнае вучылішча, гімназія № 1 у Полацку, гімназія № 1 у Мінску, недзяржаўнае грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай мовы» і іншыя арганізацыі і аб’екты. У гонар Ф. Скарыны ў розных краінах усталяваны помнікі, зроблены скульптурныя і жывапісныя выявы.

Аб жыцці і дзейнасці першадрукара

  • Агіевіч, У. Выданні Скарыны і каляндар / Уладзімір Агіевіч // Літаратура і мастацтва. — 2013. — 27 верасня. — С. 12.
  • Агіевіч, У. Георгій Лукіч Скарына і яго каляндар / Уладзімір Агіевіч // Звязда. — 2013. — 22 жніўня. — С. 4.
  • Агіевіч, У. Дзень пачатку, альбо Калі Скарына выдаў першую кнігу? / Уладзімір Агіевіч // Звязда. — 2013. — 24 верасня. — С. 6.
  • Агіевіч, У. Сімвалічныя знакі Скарыны / У. Агіевіч // Беларуская думка. — 1996. — № 11. — С. 156—164.
  • Агіевіч, У. У. Стан сучаснага скарыназнаўства і актуальныя праблемы засваення спадчыны асветніка / Уладзімір Агіевіч // Весці Нацыянальнай Акадэмiі Навук Беларусi. Серыя гуманітарных навук. — 2008. — № 3. — С. 4—14.
  • Асіноўскі, С. «Белыя плямы» прыватнага жыцця вядомага чалавека / Святаслаў Асіноўскі // Архівы і справаводства. — 2013. — № 5. — С. 134—143 ; № 6. — С. 139—148.
  • Аскера, В. З пяром і кнігай : [прысвячэнні смеламу мастаку і сучаснаму натхняльніку — Ф. Скарыне] / Дар’я Чарняўская // Літаратура і мастацтва. — 2017. — 2 чэрвеня. — С. 12.
  • Аўдоніна, Т. Францыск Скарына: шлях служэння Радзіме і народу : [асоба асветніка ў сучаснай драматургіі] / Таццяна Аўдоніна // Роднае слова. — 2013. — № 5. — С. 20—22.
  • Варанько, К. Д. Да 525-годдзя з дня нараджэння Ф. Скарыны (1490—1551) / К. Д. Варанько // Адукацыя і выхаванне. — 2015. — № 9. — C. 72—75.
  • Весялуха, М. Скарына: традыцыі і эвалюцыя / Марына Весялуха // Літаратура і мастацтва. — 2014. — 3 студзеня. — С. 1 ; 9.
  • Войтик, И. Франциск Скорина и его писательский подвиг / Ирина Войтик // Государственный контроль. — 2017. — № 1. — С. 84—89, 4 с. вкладыша : фото.
  • Галкоўскі, С. Святло слова Скарыны : [у Гомелі прайшла навукова-асветніцкая канферэнцыя «Спадчына Францыска Скарыны і сучасны свет»] / Станіслаў Галкоўскі // Рэспубліка. — 2017. — 6 красавіка. — С. 4 : фота.
  • Герасімаў, Г. Вобраз Францыска Скарыны ў беларускім жывапісе другой паловы XX—XXI ст. / Глеб Герасімаў // Роднае слова. — 2013. — № 8. — С. 78—82.
  • Дышыневіч, В. Скарына і адносіны да першакрыніц / В. Дышыневіч // Полымя. — 1985. — № 12. — С. 164—174.
  • Ермаловіч, А. Архівы кажуць пра Скарыну / Алена Ермаловіч // Навука. — 2016. — 25 ліпеня. — С. 4 : фота.
  • Завадская, И. Новые тайны Скорины : [500-летие первой печатной книги Францыска Скарыны] / Ирина Завадская // Советская Белоруссия. — 2017. — 27 января. — С. 13 : фото.
  • Завальнюк, У. Бог — Біблія — Бацькаўшчына! : [Францыск Скарына — сын Беларускай зямлі] / Уладзіслаў Завальнюк // Краязнаўчая газета. — 2017. — № 1 (студзень). — С. 4 ; № 2 (студзень). — С. 4 ; № 3 (студзень). — С. 4 ; № 4 (студзень). — С. 4.
  • Иванова, Л. Гуттенберг в гостях у Скорины : [к 500-летию белорусского книгопечатания] / Людмила Иванова // Советская Белоруссия. — 2017. — 30 марта. — С. 2 : ил.
  • Касцюк, М. Францыск Скарына і яго эпоха / Міхаіл Касцюк // Беларуская думка. — 2017. — № 1. — С. 72—75 : фота.
  • Ладуцька, К. Дзе можа знаходзіцца прах Францыска Скарыны? / Кастусь Ладуцька // Звязда. — 2017. — 2 лютага. — С. 15 : іл.
  • Лапіцкая, А. Скарына. Пункт адліку і вяршыня : [вынікі круглага стала] / Алеся Лапіцкая // Літаратура і мастацтва. — 2017. — 31 сакавіка. — С. 4—5 : фота.
  • Ляўковіч, А. Частка першая. «…Ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет» : [пра беларускага першадрукара] / Алена Ляўковіч // Звязда. — 2015. — 28 кастрычніка. — С. 4 : фота.
  • Мустафина, И. «Книжицу» Скорины вернули на родину : [белорусский банк выкупил у частного коллекционера раритет XVI века и передал его Национальной библиотеке] / Ирина Мустафина // Народная газета. — 2017. — 24 февраля. — С. 3 : іл. — (Прил. : Союзное вече). 
  • Новае выданне пра Скарыну і яго Біблію // Краязнаўчая газета. — 2017. — № 13 (красавік). — С. 4 : іл.
  • Пазнякова, Л. В. Францыск Скарына і яго час / Л. В. Пазнякова // Беларуская мова і літаратура. — 2009. — № 9. — С. 16—18. — («У дапамогу педагогу»).
  • Палкоўнічанка, М. Дык гэта Скарына? : [кнігу «Библия русская. Идеограммы гравюр и инициалов» плануецца перавыдаць да 500-годдзя айчыннага кнігадруку] / Мікалай Палкоўнічанка // Культура. — 2015. — 31 кастрычніка. — С. 14 : іл.
  • Панізькін , С. Жнівень кніг : [500 год з кнігай Ф. Скарыны] / Сяргей Панізьнік // Краязнаўчая газета. — 2017. — № 4 ( студзень). — С. 4 : фота.
  • Сазончык, Г. Францыск Скарына: працяг знаёмства : [рэцэнзія на кнігу Алеся Сушы «Францыск Скарына» — «Чалавек-легенда»] / Глеб Сазончык // Полымя. — 2017. — № 1. — С. 143—146.
  • Суша, А. Быў ці не быў? Або геаграфія першадрукара : [Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, распавеў пра лёс Ф. Скарыны] / Алесь Суша ; гутарку вяла Вераніка Молакава // Літаратура і мастацтва. — 2017. — 3 чэрвеня. — С. 6—7 : іл.
  • Суша, А. Вяртанне «Малой падарожнай кніжкі» Францыска Скарыны ў Беларусь / Алесь Суша // Беларускі гістарычны часопіс. — 2017. — № 3. — С. 34—37.
  • Суша, А. Кім быў і хто для нас ёсць сёння Францыск Скарына / Алесь Суша // Маладосць. — 2017. — № 1. — С. 138—143 ; № 2. — С. 116—131 : фота.
  • Суша, А. «Ці інтэграваны Скарына ў наша жыццё?» : [Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, распавёў пра тое, наколькі скарынаўская тэма прысутнічае ў паўсядзённым жыцці нашага грамадства і нашай краіны] / Алесь Суша ; Алесь Карлюкевіч // Літаратура і мастацтва. — 2017. — 20 студзеня. — С. 4 : іл.
  • Тумаш, В. Каляндарная сістэма Беларусі ў часы Скарыны / Вітаўт Тумаш // Краязнаўчая газета. — 2017. — № 5, 6 (люты). — С. 4 : іл. ; № 9 (сакавік). — С. 4 ; № 10 (сакавік). — С. 4.
  • Уладзімірава, А. Старое слова Скарыны : [Францыск Скарына, беларускі першадрукар, асветнік] / Алеся Уладзімірава // Рэспубліка. — 2017. — 10 сакавіка. — С. 14 : іл.
  • Чамярыцкі, В. Загадкавыя кніжныя знакі Францыска Скарыны / Вячаслаў Чамярыцкі // Роднае слова. — 2016. — № 7. — С. 3—6 : іл.
  • Чарняўская, Д. Францыск Скарына праз прызму самасвядомасці : [пра книгу «Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка», якая выйшла 500-годдзя беларускага кнігадрукавання] / Дар’я Чарняўская // Літаратура і мастацтва. — 2017. — 2 чэрвеня. — С. 5.
  • Чэмер, М. Францыск, мы табе ўдзячны… : [500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню] / Мікола Чэмер // Настаўніцкая газета. — 2017. — 4 лютага. — С. 11 : іл.
  • Шмаянкова, Г. І. Францыск Скарына і яго час / Г. І. Шмаянкова // Беларуская мова і літаратура. — 2008. — № 10. — С. 3—8.

«Найдаражэйшыя скарбы — чалавечыя словы, натхнёныя Богам і выслаўленыя да Бога»
…………………………………………………………………………………………………………………………………………………..Скарына

Максім Багдановіч
Кніга

Псалтыр, пакрытую няжорсткай,
бурай кожай,
Я ўзяў і срэбныя засьцёжкі адамкнуў,
Перачытаў радкі кірыліцы прыгожай
І воску з ладанам прыемны пах пачуў.

Вось псальма сьлічная.
«Як той алень шукае
Крыніцы чыстай, так шукаю Бога я».
Як вее сьвежасьцю яе краса жывая!
Як радасна далей сьпяшыць душа мая!

І бачу я ў канцы няхітрую прыпіску,
Што «кнігу гэтую раб Божы, дзяк Гапон,
Дзеля душы сьпісаў у месьце Ваўкавыску
У рок сем тысяч
сто васьмы з пачатку дзён».
1912

Безнадзейнасць

Скарына, доктар лекарскіх навук,
У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры.
Яны спрыяюць! Час! З рухавых рук
Скарыны п’е адвар пан земскі пісар хворы.
І ўраз пабачыў ён, што ізумруд
Ў пярсцёнку залатым на пальцы штось імгліцца,
Што блеску ў ім няма… І з болем тут
Ён зразумеў, што ўжо к жыцьцю не вараціцца.

Рыгор Барадулін
Мая бацькаўшчына

3 суседзямі падзелішся скарынкаю.
Адно не ўмееш з торбаю прасіць.
Як ластаўка,
з падстрэшша рук Скарынавых
Тваё крыляла слова па Русі…

Ты бласлаўляла даланёй кляноваю
Сваіх сыноў.
Слязамі дабяла
Бяліла лён на світку Каліноўскаму
I Нёмнам ў сны Урублеўскага плыла…

Зеленакосымі, тугімі сеткамі
Злавіла Свіцязь юнакоў спакой.
Хоць ён пабраўся з песняю суседскаю,
Але вяснянкі не забыў тваёй…

Люблю цябе,
У веснавых праталінах,
У белай хустцы маладых снягоў.
Як на грыбы,
багата ты на таленты —
Пільней глядзі і нерушы знаходзь!

Радзі, зямля,
ты — шчодрая і сціплая.
Каб толькі маразоў не знала рунь!
Імя тваё нашчадкам з нетраў выплыве —
Сівых стагоддзяў рэха:
— Бе-ла-русь!..

Рыгор Барадулін
Аплакалі вырай совы…

Аплакалі вырай совы
Пад Полацкам,
Знаеш, Падуя,
Узлеску ў прыпол верасовы
Ліст пажоўклы падае.

Раздолле туроваму рыку —
Над змоўклымі нетрамі плаваё.
Чаўны бласлаўляе ў Рыгу
Сафія залатаглавая.

Даверыцца снегу полаз,
Загурбяцца весняў весніцы, —
У світцы марознай Полацк
Вачыма сінімі весніцца.

Па граю першыя
Тужаць
Праталіны белабрысыя,
Ведаюць гнёзды птушкі
I рыбы чуюць віры свае.

Да скону сэрца скарыла
Чароту гаворка картавая.
3 выраю
Доктар Скарына,
Як драч, дадому вяртаецца…

Бічэль-Загнетава Данута
***

Будучыня Беларусі —
старажытныя кнігі Скарыны.
Натхненне і талент нашчадкаў
у вобразах вершаў Скарыны…
І не малее запас
з умалоту Скарынавых думак.
І як бы тут ні прыйшлося
адольваць упорысты лёс, —
выйграў нам час Скарына.

Бічэль-Загнетава Данута
Першае падарожжа

Рэкі нясуць на сумежжа адлігу.
Душы зняверваюць грошы, аж страх,
Едзе Скарына Францішак у Рыгу
з бацькам у першы гандлёвы свой шлях.

Знік родны бераг і камень Барысаў.
Месяц тапырыць па-змоўніцку рог.
Ціхай Радзімы лясныя абрысы
сына жагнаюць на зменлівы торг.

Полацк зажураны ў засмужы ранка
доўга на воку ўспамінам пячэ.
Коціць світанне Дзвіна-палачанка.
Даўгавы лёсам ісці ўжо шпарчэй.

…To ж чалавек прад кананнем гібее,
покуль не вып’е гаркоту да дна.
Рэчка ў канцы свайго шляху глыбее,
з морам спрачаецца ў вусці Дзвіна…

Залапатаў прамяніста пярынкамі
пеўнік на жэрдцы на вежы Пятра.
Зачараваў, пэўна, вочы Скарынавы
зваблівы бляск залатога пяра.

Горад — застаўка да будучай кнігі, —
звязаны дахі з дахоўкі кулём.
На масяндзовую вулачку Рыгі
ўедзе адзін толькі вершнік з кап’ём.

Але ці доўга надзівішся з крамы?
Дзень быў запоўнены працай суздром.
З бацькам прыехаў не лыпаць вачамі,
а набіваць свае склады дабром.

Скончыцца дня працавітага мліва,
добры настрой — у капшук барыша.
Пройдзецца ноччу па краі заліва —
ехаць далей пажадае душа.

Роднаму Полацку розум і думкі
ў свеце збіраць працавітай пчалой.
Глянуць у вочы людзям навукі.
Роднае слова світаць пачало!

Бічэль-Загнетава Данута
Словам Скарыны

Ад маленства за працу
берымося старанна,
каб закрэсліць
да нас непавагі прысуд!
У шаснаццатым веку Францішак Скарына
несмяротнай душой
узвышае наш люд.
Колькі ж можиа губляць,
каб людзьмі называцца?
Вось Скарына сумеў засланіць сабой сам
годнасць роднага слова
без тучных авацый,
што ў прадмове да кніг друкаваных
сказаў.

Ці ж з блакады вякоў
не здалеюць унукі
між братоў
яго Кнігу у вечнасць пусціць!
Патрымаемся,
узяўшыся моцна за рукі
на высокіх пляцоўках
і ў вёсках пустых,—
працавітыя, смелыя, моцпыя духам!

На віхуры сядайце,
за руль, за стырно.
I не страшны ніякія нам завірухі.
Наша роднаё слова далека чутно.

Прыклад чыстай любові,
якой не скарылі,
даў Скарына…
Праз пяць мімалётных вякоў
у праслаўленым Полацку
мовай Скарыны
уваскрошаны з праху
спаткаемся зноў…

Генадзь Бураўкін
Скарына

Кожная птушка ў свае гняздо вяртаецца з выраю.
Кожны бадзяга-звер знаходзіць сваю бярлогу.
Кожная рыба свайго трымаецца віру.
Дык ці ж магу я забыцца матчынага парогу?

Кожная краска ўсцілае сваю сцягу палявую.
Кожнае дрэва скідае ліст свайму долу.
Кожная пчолка прыносіць мёд у свой вулей.
Дык ці ж я мог сваіх кніг не прынесці дадому?

Шмат я па свеце прайшоў, шукаючы удачу,
Многа пабачыў. Ды вочы былі сухія.
А тут
мімаволі ўсцешана плачу,
Ледзьве здалёку ўгледжу купал Сафіі.

Мне віначэрпіі Падуі, Кракава, Прагі
3 сонечным сокам кубкі падносілі залатыя,
Ды не маглі наталіць яны смагі
Так, як звычайны карэц,
калі чэрпну з маёй Палаты я.

Мне саладзейшыя самыя
ветры з Дзвіны баравыя
I плытагонскіх кастроў паўночны куродым.
Калі ў далёкіх краях на мяне заяўлялі правы,
Я
Паўтараў, што са слаўнага Полацка родам.

Ты мне, мой горад, даруй,
што ціхае імя Францішак
Я памяпяў на нянаскае, гучнае імя Георгій.
Радзімы ж сваей не мяняў, як нацельны крыжык.
Ад мовы сваей не адрокся ні ў шчасці, ні ў горы.

Мэту маю і надзею, пакуту маю і трывогу, —
3 літар, як з кропелек поту, збіраў я свае першадрукі
Не для цароў венцаносных, абраннікаў Бога,
А для цябе,
светласэрцы мой люд чарнарукі.

Як я хацеў,
каб ты вольнасці здолеў напіцца,
Каб пасяліў назаўсёды ў хацінах асвету,
Вокладкі кніг расхінуў — як адчыніў аканіцы,
I падзівіўся бязмежжу і мудрасці свету.

Не дзеля гучнага імя і нейкай дзівацкай фатыгі —
Дзеля дабра твайго выбраўся я ў шлях далёкі.
І як на плошчах палілі ў кастрах мае кнігі,
Хіба табе, мой народ, не балелі апёкі?..

Я каралеўскі батанік і лекар.
I знаю:
няма таго зелля,
Што хоць на міг ад тугі па Айчыне вылечвае.
Ды і ў грудзях маіх, можа, не сэрца — вузельчык
3 роднай зямелькаю, цёплай і вечнаю…
1977

Ніл Гілевіч
Мара Скарыны

Марыў калісьці славуты Скарына,
«Ціснучы» кнігі на мове бацькоў:
Простаму люду ў роднай краіне
Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў.
Толькі радзіму сваю ў ліхалецці
Мара яго абляцець не магла:
Білася роспачна птушкай у клетцы,
Вочы ж бядоты сляпіла імгла.
Думалі, згіне, як статак, нямое
Племя пакорнае ў вечным ярме.
Колькі іх мужных, што матчынай мове
Шлях пракладалі і змёрлі ў турме!..
Ды разгулялася плынь веснавая —
Змыла пакутнай няволі сляды,
I ўстрапянулася мара жывая,
I абляцела ўвесь край малады!
Сталі даступнымі простаму люду
Мудрасці скарбы са свету ўсяго —
Каб ні ярма, ні імглы, ні аблуды
Болей не зведала доля яго!

Ларыса Геніюш
Скарына (урывак)

Над Падуяй неба такое наўкруг,
як сны мастакоў Адраджэння.
Падуя — горад вялікіх навук,
славутых падзей і імкненняў.

Заціхлі званы, адбылася імша,
йзноў спевы гучаць на лаціне.
Дыплом уручаюць: ён, сын Лукаша,
палачанін, Францішак Скарына…

Даўно ўжо пакінуў свой меч, і свой лук,
і Полацк, лясамі акружаны,
выйшаў насустрач свабодных навук,
па-свойму сільны і мужны.

Ужо доктар навукі пад сілу яму.
З Падуі слаўнай, з чужыны,
вязе Беларусі, народу свайму
жыццё сваё, знанні і імя.

Не князь і не шляхціц, без дворні і слуг,
праз пушчы, мядзведжыя тропы
вяртаецца доктар медычных навук,
першы доктар на ўсходзе Еўропы.

Толькі навукі, паны над зямлёй,
мовяць мовамі розных чужынаў.
І першую кнігу на мове сваёй
друкуе нашчадкам Скарына.

Мудрасць здолее ў цемры свяціць.
Загад продкаў у сэрцах не згіне!
Будзем думаць, вучыцца: тварыць
так, як ты, у сваёй мове, Скарына.

Алесь Дудар
Скарына

400-годдзю беларускага друку

Не люблю, калі з роднай краіны
птушкі рвуцца ў далёкі вырай…
Я успомніў Францішка Скарыну,
што у Полацку княжацкім вырас.

Ўжо няма такіх настрояў,
як былі калісь даўно, —
бо сягоння над новай Дзвіною
перакінуўся новы мост.

Што Дзвіна!.. Для яе ўсё роўна,
хто пяе над яе берагамі.
Не яна мужычую мову
аправіла ў гнуткі пергамент.

О, Францішак… Францішак Скарына,
што над гранкай друкарскаю гнуўся!..
Ведай, праца твая пакарыла
новы свет для сівой Беларусі!

Бо сягоння спяваюць баяны,
бо ужо разгарнуліся крыллі…
Перамогі вяселлем п’яныя,
мы ўспомнім Францішка Скарыну,

што радзіўся калісь над Дзвіною,
вандраваў над яе берагамі;
што аправіў мужычую мову
ў неўміраючы гнуткі пергамент.
1925

Кастусь Жук
Францішку Скарыне

Далёкіх часоў успаміны,
Твой воблік світае ў прасторы…
– Дзень добры, Францішак Скарына,
Памкненням светлым дзень добры!

Ты сэрцам прачулым і вешчым
Клікаў народ на сустрэчу
Са словам яго, чалавечым,
Якому суджана вечнасць.

Вайну абвясціўшы цемры,
Невуцтву
ў краі родным, —
Да ведаў ішоў ты цераз
Замежных дзяржаў вароты.

Хіліла да кнігі — прага,
Перад народам павіннасць.
З табой віталася — Прага,
Чырванабровая Вільня.

Гляджу
праз гады нябыту
Туды, дзе ты ўзважваў пралікі,
Карпеў, бакалаўр знакаміты,
Тварыў, доктар вялікі, —

Стаіш
ля раскрыленай кнігі,
Свае запаволіўшы рухі…
Сплываюць гады, як крыгі,
Нашчадак быліннай Нямігі, —
Чытаю твае першадрукі

Аляксей Зарыцкі
Саперніцы

Бывае, што захмараную даль
Стагоддзяў расхінаюць нашы мыслі.
Так я раптоўна ўбачыў, як, амаль
Пяцьсот гадоў назад, на бераг Віслы, —
Там, дзе над Кракавым старым узнёс
Славуты Вавель залатыя вежы, —
Студэнт Скарына паўз вячэрні плёс
Шыбуе адзінока па ўзбярэжжы.
Увесь ва ўладзе ён юнацкіх дум,
Рыторыка і логіка забыты.
Усё мацней сціскае грудзі сум:
Чаму няма так доўга Маргарыты?
Але ў сутонні ціхім вечарка
З ім не каханая загаварыла панна,
Спыняе над абрывам юнака
Прафесар пасівелы нечакана:
— Навуцы прысвяці сябе спаўна,
Калі цябе з ёй доля заручыла.
Запомні, што не прызнае яна
Саперніц аніякіх, як жанчына.
Свой скарб збірай упарта пакрысе,
Так мудрасць прыйдзе й шчасце прынясе.
Пайшоў далей прафесар самавіта.
Юнак збянтэжаны. Гусцее змрок…
Ды вось Скарына чуе лёгкі крок.
Ідзе. Ідзе нарэшце Маргарыта!
І я, выведнік, затаіўшы дых,
Зайздросна паглядаю на Скарыну.
За ўсіх ён шчаслівейшы ў гэты міг,
За ўсіх мудрэйшы ў гэтую хвіліну.

Анатоль Іверс
Скарына

Ён бачыў: кінулі на горад
Магнаты цемру, цень-крыжы.
На радасць нам, а ім на гора
Ён працаваў і ўпарта жыў.

Першадрукар тварыў, прарочыў.
I час дарэмна не мінуў:
Аззяла кніга людзям вочы,
Адкрыўшы праўду і ману.

Ён першы кнігу даў славянам,
На простай мове ўзорны ліст.
Ён знаў: з-за хмараў валавяных
Праб’ецца сонца да зямлі.

Нішто народ наш не скарыла —
Працуе, творыць, будзе жыць.
Шкада, не бачыць наш Скарына:
Якія сёння тыражы.

Уладзімір Караткевіч
Скарына пакідае Радзіму

У сялянскіх крывулях-хатах
Зноў сушылі кару.
— Знову конік пузаты
Месіць нагамі бруд.
У доктарскай шапцы дзіўнай —
Адзінай на гэтай зямлі —
Коннік мокне пад ліўнем,
Што зноў як з сіта паліў.
Выгнанне. Выгнанне. Выгнанне.
Па волі зямных багоў
Спалілі браты-хрысціяне
Кнігі пра бога свайго.
3 адчаем упартым, пахмурым
Людзі ў жорсткіх баях
За цемру сваю і дурасць
Знішчаюць друзі свая,
Зрабілі з Сіная малпоўню,
Й не хочуць бачыць яны,
Што справу іхнюю кроўную
Хаўтурна аплачуць званы.
Яны не даждуць, што Скарына
Зямлю сваю пракляне:
Страціў не я Афіны,
Хутчэй Афіны — мяне.
I горш за пакуты крывавыя,
Што будуць думаць рабы,
Нібыта ў шчасці і ў славе
Я разам з моцнымі быў.

Міхась Пазнякоў
Скарына

Асветнік, вучоны
I першадрукар,
Наш гонар —
Францішак Скарына.
Запомні ўсім сэрцам
Як велічны дар
Радзімы
Славутага сына.

Праклаў ён дарогу
Да Слова, Святла,
За Матчыну Мову
Паклікаў змагацца,
Каб вольнай заўсёды
Між вольных магла
Дзяржаваю
Белая Русь
Называцца.

Пятро Прыходзька
Францыск Скарына ў цэлым свеце…

Скарынаўскаму цэнтру

Францыск Скарына! Пры любой пагодзе
Цяплей на свеце ад ягоных слоў.
Ад родных ніў амаль праз пяць стагоддзяў
У Злату Прагу ён вярнуўся зноў.

Спыніўся не на сцежцы заімшарнай, —
На той жа плошчы, дзе даўно бываў
У родным Полацку яго з пашанай
Вядомы скульптар з бронзы адліваў.

Хоць межы і ахоўваюцца строга,
Свет дзе-нідзе ўцяняецца смугой, —
Была не вельмі доўгаю дарога
Яму з адной краіны да другой.

Яго вяртанне ў Прагу стала святам
Для ўсёй славянскай дарагой зямлі.
Мы за яе ў далёкім сорак пятым
3 фашысцкаю чумою бой вялі.

I на Вацлаўскую ўступалі плошчу —
На тую, па якой і ён хадзіў,
I гутарыў пад ціхі дрэваў пошчак
3 прыродаю — прыгожаю наўздзіў.

Прад ім сягоння сцеляцца абрусам
Планеты ўсёй палеткі і лугі.
Адсюль да ўсіх даносіў беларусаў
Ён скарб духоўны — самы дарагі —

Прароцтва кнігу ў маладой абнове,
Першадрукар наш — сын купца Лукі.
I праз вякі яго на роднай мове
Усе чытаюць, дзеці і бацькі.

Пятро Прыходзька
Францыск Скарына ў Празе

Адаму Мальдзісу

Францыск Скарына! Цэлы свет у згодзе
Заўсёды быў з яго прароцтвам слоў.
I з Полацка амаль праз пяць стагоддзяў
У Злату Прагу ён вярнуўся зноў.

Спыніўся не на сцежцы тут імшарнай —
На той жа плошчы, дзе даўно бываў:
Каб тут стаяў заўжды — яго з пашанай
Вядомы скульптар з бронзы адліваў.

Хоць межы і захоўваюцца строга —
Не сталі палачаніну смугой.
Была не вельмі доўгаю дарога
Яму з адной краіны да другой.

Скарыніна вяртанне стала святам
Для нас, для ўсёй славянскае сям’і.
Мы па яго слядах у сорак пятым
За вызваленне Прагі бой вялі.

Хадзілі ў парку ля Вацлаўскай плошчы,
Па тых алеях, дзе і ён хадзіў,
Гаворку вёў пад ціхі дрэваў пошчак
3 прыродаю, прыгожаю на здзіў.

Прад ім сягоння сцеляцца абрусам
Краіны братняй нівы і лугі.
Адсюль усім прыносіў беларусам
Ён на радзіму скарб свой дарагі.

Чыталі кнігі ў маладой абнове
Усе землякі сынка купца Лукі.
I праз вякі яго на роднай мове
Чытацьма будуць дзеці і бацькі.

Падзякаваць трэба тым ад сэрца людзям,
Што цэнтр Скарынінскі стварыць змаглі.
Адсюль жа прашчур наш вялікі будзе
Ад краю ў край ісці па ўсёй зямлі.

Яго імя ўжо ў зорцы той Сусвету,
Што свеціць толькі шчасцю — не бядзе.
I з новаю далёкаю планетай
Францыск Скарына гутарку вядзе.
20 лютага 1997

Максім Танк

Гравюры Скарыны

Ён выразаў іх
На спаконвечным
Дрэве гісторыі
Свайго народа,
Хоць мог бы падабраць
І больш падатлівы,
І больш удзячны
Матэрыял.

І выразаў ён іх
Не штыхелем-разцом,
А промнем сонца.
Промнем сваёй веры
І любові да народа.

Таму штрых кожны
Быў такі глыбокі,
Што ні агонь,
Ні забыццё,
Ні ворагі,
Ні час
Гравюраў гэтых
Знішчыць
Не змаглі.

І сёння
Нейкая чароўная
Жыве ў іх сіла,
Якая сляпым
Вяртае зрок,
Глухім — іх слых,
Няпомнячым —
іх памяць,
А без’языкім — мову.

Мікола Федзюковіч
Споведзь

3 глыбокай старажытнасці — спрадвеку,
каб з плеч сагнутых
скінуць гнёту груз.
Каб мову мець, каб звацца Чалавекам,
цягнуўся да асветы беларус.
Яго ж у воз галечы запрагалі
служыцель боскі,
шляхціч-багацей…
Маёнткі аддавалі за пергамент.
А просты люд
гібеў у цемнаце.
А бедны люд
гарачымі вачамі маліў збавення…
Свет загаманіў,
нарэшце,
што з’явіўся палачанін
першадрукар Скарына,
гуманіст…
Успомні час той, залатая Прага,
калі ў аздобе срэбраных бяроз
глядзела на цябе
любоўна, прагна
Скарынава Радзіма — Беларусь.
Як ля станка друкарскага
карпеў ён,
нібыта апантаны, — успомні ты…
На мове роднай,
велічнай і спеўнай,
ён здзіўленаму свету
даў «Псалтыр».
Мой суайчыннік,
продак мой Скарына!
Прымі за тое
ад мяне паклон,
што езуітам хіжым не скарыўся,
што кінуў
ў твар святым айцам праклён…
Я ўчора кляўся
I клянуся сёння…
Славуты доктар лекарскіх навук!
Твой герб — злучэнне Месяца і Сонца —
ні перад кім
не выраню я з рук.

Кастусь Цвірка
Францыск, Скарынін сын

Блукаў па свеце пілігрым —
Развеяў столькі лет і зім!
Цяпер ад тых чужых дымоў
Спяшыць Скарынін сын дамоў.
Па балатах, па чаратах
Ляціць кібітка, нібы птах.
Як плешча возера ў лазе!
Як блешча сонца ў палазе!
Як пахнуць вязелем лугі,
Дзе кнігаўчыныя кругі!
А там што — нейкія крукі?
Ды гэта ж полюць лён жанкі,
Сагнуўшы спіны. Стаўбуном
Цівун над імі з бізуном!..
Ляціць кібітка. Паўз бакі
Мільгаюць хаткі-катушкі,
Дзе вечны чад, дзе вечны бруд,
Дзе слепне ў цемры родны люд…
Ляціць кібітка ўдаль, ляціць,
Спяшае доктар Русь лячыць —
Ад нематы, ад глухаты,
Ад пракавечнай цемнаты.

Алесь Шпыркоў
Вяртанне Георгія Скарыны
Балада

Дарогай апошняю стала рака:
На беразе ўжо дагарала друкарня.
А ў Полацку недзе ссівелы
Лука
Чакаў свайго сына штодзённа
і марна.
3 якімі сябрамі адправіўся
ў шлях,
I дзе ты прытулак знайшоў
пасля Вільні?
Чатыры стагоддзі, як лодка пайшла.
Чатыры стагоддзі ніводнай навіны.
А лодка плыла, рассякала
вяслом
I хвалі крутыя, і белыя крыгі…
Так доўга шукаў таямнічых высноў
Для самай найлепшай,
нязробленай кнігі!
За Полацкам знікла чатырыста зім.
Чатырыста раз выспявалі
ажыны.
Не думаў ты, пэўна,
што стрэнешся з ім —
3 радзімай сваёй — нечакана
у жніўні.
Зноў, як і ў маленстве,
на дзвінскі мурог
Ты выбег і стаў на вялізнейшы
камень.
Ды так і застыў пасля дальніх
дарог.
Сустрэчы ты рад з землякамі.

Станіслаў Шушкевіч
Скарына у Празе

Скарына расціраў камяк зямлі
У шурпатых пальцах,
Карэнне зелля разглядаў,
Што, нібы ніткі, звіты.
Хоць лекавых раслін аддаўна
Быў вядомым знаўцам,
Расліну ж распазнаць не мог
Вучоны самавіты.

Нарэшце асвятліла твар
Уміг здагадка.
Нібы пасля цямна
Убачыў ён заранкі.
Батанік на калена стаў
Ля самай градкі:
— Ды гэта ж з тых раслін,
Што ў нас растуць ля Абалянкі!..

Радзіма,
я пакінуў сам твае лясы,
Палі, і гарады, і сёлы,
Пайшоў у свет шукаць я для цябе
Святло навукі…
У Празе прыязнай не знаю
Адзіноты невясёлай.
А сэрца неспакойна ўсё ж бывае,
Б’ецца ад нязнанай мукі.

Хай не крыўдуюць чэхі
(Кожнага лічу з іх братам),
Што па радзіме тут, бывае,
Іншы раз сумую.
Я ж травы гэтыя і дрэвы —
Сад багаты! —
Для нашай еднасці і прыязні
Душой гадую.

I тут, каля крыніцы, што бруіцца
3-пад заімшэлай камяністай кручы
I вільгаццю няспынна поіць
I дубы, і травы,
Я зелле-кветкі вырасціў,
Што маюць сок гаючы
Для нашых ран,
I лаўры пасадзіў
Для вашай і для нашай славы.

Станіслаў Шушкевіч
I справы добрыя — ізноў жывыя

Скарына кніжнай мудрасці сабраў багаты плен,
Блішчэла слова золатам, іскрылася, свяціла,
Наперад рвалася за шчасцем наўздагон,
Ад цемры векавечнай і глухой будзіла.

У кнігах важкіх, непаўторнае, яно
Пайшло у гарады і сёлы Беларусі,
У свет шырокі сталася акном,
I цемрашальскі гурт па-д’ябальску здрыгнуўся:

— Судзіць!.. Судзіць! Публічна пакараць!..
У інквізітараў няўмольныя законы.
I кнігі на кастры палаюць і гараць,
I тупае духоўнікаў натоўп шалёны.

— Без кніг чаго ён варт? Хіба ён зможа
Руку падняць на нас і нашай сіле смець
Працівіцца? О, ясны божа,
Няхай на гэты раз адступіць смерць…

Друкар маўчыць. I новыя мясціны
Упарта клічуць, вабяць да сябе.
Ён торбу цераз плечы перакінуў
I не ішоў — ступаў, здавалася, пабег.
«Хай паспалітае дабро памножана бывае…
Хай сеецца зярня людской асветы…»
I каганец на століку да раніцы міргае,
I рукапіс гатоў, яго душой сагрэты.

Зноў здольная рука разец бліскучы точыць.
Зноў літары сабраліся у шафу-касу.
Зноў пільна прыглядаюцца ў набор пярэсты вочы,
Зноў думка неўгамонная ляціць насустрач часу.

Зноў ажывае сказ у кнізе новай,
Яго не спаліш, не сатрэш, не змыеш…
Зноў беларускае у свет ірвецца слова,
I справы добрыя — ізноў жывыя.

  • Сказочные формулы постоянные места социально бытовых сказок
  • Сказочные формулы волшебной сказки
  • Сказочные приметы в сказке летучий корабль
  • Сказку про золушку видео
  • Сказки черного города оборотень feat горшок